Пад Картынічамі стварыў атрад

Да 110-годдзя з дня нараджэння Яна Налепкі

(Працяг. Пчатак у №№ 67, 71, 73)

Дзейнасць Яна Налепкі была вельмі разнастайная і насычаная. Герой Савецкага Саюза, хаця і загінуў у маладым узросце, але шмат чаго паспеў зрабіць. Галоўным чынам ён унёс вялізны ўклад у развіццё партызанскага руху на Палессі. Хоць і прынята лічыць, што ён Каўпакаўскі і Сабураўскі. Як Я. Налепка стварыў свой атрад, як дзейнічаў ― прысвечана цэлая кніга Д. Бярлінскага і М. Паграбінскай пад назвай «Подзвіг Яна Налепкі», якая выйшла ў 1959 годзе. Прапануем вытрымкі, дзе ўпамінаецца наш Лельчыцкі раён.

З рукапіснага варыянту фондаў раённага краязнаўчага музея: «17 мая 1943 года Налепка з таварышамі прыбыў у вёску Картынічы, дзе знаходзіўся штаб злучэння. Адначасова частка атрада ім. Будзённага на чале з камісарам была накіравана для збору беглых следам за Налепкам з Ельску разрозненых групаў славакаў, якія маглі патрапіць зноў да эсэсаўцаў.

18 мая 1943 года ў прысутнасці салдатаў-славакаў, якія перайшлі ў партызанскія атрады, альбо былі ўзяты ў палон рускімі партызанамі і заставаліся ваяваць у іх радах, адбыўся акт заснавання атрада (дзённік Чэхаславацкага атрада). У гэты ж дзень Сабураў выдаў загад аб стварэнні Чэхаславацкага партызанскага атрада ў складзе злучэння партызанскіх атрадаў Жытомірскай вобласці. Гэта было ў Картынічах.

У загадзе было сказана: «Ідучы насустрач пажаданням і ініцыятыве апошніх, якія перайшлі на бок чэхаславацкіх салдатаў і афіцэраў, загадваю капітану Рэпкіну (падпольны псеўданім Я. Налепкі ― К.К.) з гэтай даты прыступіць да выканання абавязкаў камандзіра Чэхаславацкага атрада і фарміравання яго з непасрэдным падпарадкаваннем мне».

Трэба яшчэ раз нагадаць, што адбывалася гэта ў Лельчыцкім раёне. А капітан Рэпкін — гэта і ёсць псеўданім Яна Налепкі, пад якім ён неаднойчы палохаў немцаў.

26 чэрвеня 1943 года Чэхаславацкі атрад атрымаў загад разам з атрадам імя Будзённага, які ўзначальваў таварыш Атрохаў, разгарнуць баявыя дзеянні супраць ворага, які наступаў у раёне Данілевічы-Баравое-хутар Рубеж-Іванава Слабада. Так пачаўся сумесны баявы шлях двух атрадаў, багаты суровымі выпрабаваннямі, у якіх гартавалася брацкае сяброўства савецкіх і славацкіх партызанаў.

30 чэрвеня разведчыкі выявілі на дарозе Баравое-Тонеж вялізную групу гітлераўцаў. Было вырашана нечаканым ударам разграміць немцаў. Загад быў дадзены групе байцоў ісці ў абыход і ўдарыць па гітлераўцах з тылу. Налепка асабіста вёў салдатаў у атаку. Ён увесь час знаходзіўся ў самым цэнтры бою, натхняючы сваёй мужнасцю акружаючых. Аперацыя прайшла паспяхова.

Сярод праведзеных ім аперацый выдзяляецца ўдар, нанесены 5 ліпеня па эсэсаўцах, якія рухаліся на аўтамабілях па дарозе Баравое-Мілашавічы. Замініраваўшы дарогу, партызаны распачалі агонь па калоне якраз тады, калі пад машынамі сталі ўзрывацца міны.

— Наша засада была для немцаў нечаканай, — расказвае ў сваіх успамінах баец Арцюхоў. — Немцы трапілі пад абстрэл і не ведалі, што рабіць. 75 забітых гітлераўцаў і 5 узарваных машын — вынік гэтага ўзорнага ўдару з засады, падчас якога партызаны не страцілі ні байца.

Асабліва вызначыўся салдат Пухлы. Ён, знаходзячыся ў засадзе разам з байцамі атрада імя Будзённага, дзейнічаў выключна смела (адзначалася пасля ў загадзе злучэння 5. 7. 1943 года)».

Удары, якія наносілі па гітлераўцах, былі самай складанай часткай баявых аперацый злучэння Сабурава супраць карнікаў. Па ўсіх дарогах партызанскага краю выбухалі на мінах аўтамашыны, сотнямі гінулі фашысцкія салдаты і афіцэры. Для немцаў гэта было сапраўднай нечаканасцю. Ворагі сталі разумець, што яны чужыя на нашай, беларускай зямлі. Немцаў пачалі моцна ціснуць з усіх бакоў.

Гітлераўцы не змаглі прычыніць шкоды партызанам. Адыгрываліся на мірным насельніцтве. Толькі ў раёне дзеяння чэхаславацкага атрада немцы спалілі населеныя пункты Данілевічы, Баравое, Рубеж.  У вёсцы Тонеж захаваўся толькі абгарэлы падмурак царквы. У Баравым славацкія партызаны выявілі ў дамах 12 знявечаных трупаў старых жанчын і дзяцей. Страшныя сляды фашысцкіх гвалтоўнікаў, з якімі сутыкаліся партызаны, пакінулі ў іх свядомасці глыбокі адбітак, проста кроў стыла ў жылах ад такіх малюнкаў.

Было цяжка. Але барацьба з праўзыходнымі сіламі праціўніка працягвалася. Партызанскія атрады не толькі знішчалі карнікаў, але і працягвалі наносіць удары па камунікацыях ворага. Трэба было максімальна дэзарганізаваць яго дзейнасць. Злучэнні Сабурава за чэрвень-ліпень 1943 года знішчылі больш за 1 200 варожых салдатаў і афіцэраў, 90 аўтамашын, 12 танкаў і пусцілі пад адхон эшалон з жывой сілай і тэхнікай праціўніка.

Вось такая была«агнявая спякота» ў самым сэрцы беларускага Палесся ў час Вялікай Айчыннай вайны.  Два тыдні баявых дзеянняў у самой гушчы варожых войскаў паслужылі добрай баявой загартоўкай для чэхаславацкага атрада і для самога Яна Налепкі. У штодзённых баях з ворагам ён хутка авалодваў мастацтвам партызанскай вайны. Савецкі ўрад высока ацаніў поспехі ў баявой дзейнасці чэхаславацкага атрада. Капітан Ян Налепка, яго афіцэры і байцы за доблесць і мужнасць, праяўленыя ў партызанскай барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, былі ўзнагароджаны медалямі «Партызанам Айчыннай вайны I ступені».

Але сядзець на лаўрах не было асаблівага часу. Вораг не спаў, яго планы не мяняліся, і трэба было гнаць захопнікаў прэч. Вайна працягвалася. 16 лістапада 1943 года атрад Яна Налепкі ўдзельнічаў у баі за горад Оўруч, што ад Лельчыц у 100 кіламетрах. На горад наступала Савецкая армія. А партызаны наносілі па немцах удар з тылу. Славацкі атрад павінен быў заняць чыгуначны вакзал, які, па дадзеных разведкі, абараняўся слаба. Але ў апошні момант на вакзал прыбыло падмацаванне і партызаны сутыкнуліся з жорсткай абаронай.

На жаль, гэта быў апошні бой нашага героя. Сведкі ўспамінаюць, што Ян Налепка знаходзіўся ў першых радах партызан, якія атакавалі. Усе бачылі яго стройную фігуру ў форме чэхаславацкага афіцэра. Камандзір ішоў наперад, не згінаючыся, кідаючы выклік ворагу. З песняю «Славацкія матулі, у Вас добрыя сыны» за ім зноў і зноў падымаліся байцы. Гэта быў адзін з апошніх аб’ектаў ворага.

— Налепка працягваў камандаваць нават тады, калі быў паранены і сцякаў крывёю, — расказвае Анастасія Шаўчэнка. —  Смерць дагнала яго ў час штурма варожага ўмацавання. Кулямётная чарга скасіла, калі бой за горад падыходзіў да завяршэння.

Канстанцін КАВАЛЁЎ.