Як вы лічыце — школьная форма патрэбна?

З 1 верасня вучнёўскі гардэроб чакаюць змены: у кожнай установе адукацыі будзе на вопратцы свой адметны элемент. У якасці такога апазнавальнага знака могуць выступіць, да прыкладу, гальштукі, значкі ці эмблемы. Таксама ў Мінадукацыі разглядаюць магчымасць увядзення абавязковай школьнай формы з 2023 года. Каб высвятліць пытанне, як да гэтай ідэі ставяцца ляльчане, карэспандэнты газеты «СЖ» выйшлі на вуліцы гарпасёлка.

Марыя Века, маці трэцякласніцы:

— Школьная форма — гэта заўсёды прыгожа. Яна робіць вучняў сабранымі і арганізаванымі. Дае навучэнцам магчымасць выглядаць прэзентабельна, задае патрэбны псіхалагічны настрой: дзіця разумее, што надзеўшы форму, яно ідзе не адпачываць, а вучыцца. І, безумоўна, павышае аўтарытэт установы адукацыі.

Любоў Мілічэнка, маці чацвёртакласніка:

— Я «за» ўвядзенне школьнай формы. Яна дысцыплінуе, гуртуе, выхоўвае пачуццё агульнасці, калектывізму, агульнай справы і мэт паміж вучнямі. Пагадзіцеся, гэтага ў наш час дзецям не хапае. І нам, бацькам, прасцей пры падрыхтоўцы дзяцей да школы. Не трэба думаць, у што іх апрануць. Спадзяюся, што будзе вызначаны адзіны стандарт вопраткі, тканіна, колер.

Эвеліна Грыб, пенсіянерка:

— У маю бытнасць школьная форма была неабходнасцю. У такім адзенні прахадзілі мае тры дачкі, нават адна з іх рукавы працёрла. Форма — гэта цудоўна. А што зараз за вопратку носяць — нікуды не годная. Аніякай культуры. Маральнасць выхоўваецца менавіта з дзяцінства, са школы. Вось зараз крочыць школьніца. На каго яна падобная? Хіба на вучаніцу? Форма патрэбная, перш наперш, як адзін з выхаваўчых элементаў культуры паводзін у грамадстве. Дзеці павінны выглядаць прывабна. Не цярплю разнабой.

Алёна Баланчук, СШ №2, 10 клас:

— Лічу, што школьная форма не патрэбна. Кожнае дзіця — індывід. Дзеці ў стылі выяўляюцца. А калі школьная форма, дык усе аднолькавыя, адзін на аднаго падобныя. Не хачу быць падобная на ўсіх, а хачу самавыяўляцца. Люблю рознае адзенне. Канешне, не спартыўная форма, а дзелавы стыль, але ж і ён можа быць розным, гледзячы як яго падабраць.

Міхаіл Гаўрылавец, электраманцёр КВУП «Лелькам»:

— Я вырас у форме. Я за форму. Міні-юбкі і джынсы не для школьнікаў. Я за форму, але без фанатызму. Яна павінна быць прыгожая і не вельмі разнабаковая, больш аднастайная. На прыкмету дызайнеры могуць узяць колеры як былі ў СССР.

Ілля Журовіч, навучэнец Лельчыцкага прафесійнага ліцэя:

— Чалавек апранаецца  ў тое, у чым яму зручна. У штаны, джынсы, пінжак, альбо калі холадна ў світар. Лічу, што форма не патрэбна. Стыль неабходны, але ён павінен быць набліжаны больш да дзелавога.

Юлія ХУК і Канстанцін КАВАЛЁЎ.

Фота аўтараў.